Дзе сышліся рэйкі лёсаў

Як паедзеце дызелем праз станцыю Свольна, угледзьцеся ў вакно вагона: на адным з пагоркаў, што весяляць далягляд з яго дубамі-волатамі, быў маёнтак Чэрскіх, адкуль пайшоў у свет вялікі даследчык белых плямаў на глобусе.

Там, дзе між дрэваў святлее прагал, стаяла сядзіба будучага навукоўца-арыштанта, чыё імя 10 разоў запісана на карце свету. У 1970 г. школа, якая месцілася ў сядзібным будынку, была разабраная на дровы. Настаўнік новай, цаглянай Навасвальнянскай школы Барыс Піліпавіч Шымук вярнуў імя Яна Дамінікавіча Чэрскага на радзіму. Ля гранітнага валуна, які бачны на здымку, яшчэ пры Саветах адбылася памятная ўрачыстасць. На ёй быў, прамаўляў і размаўляў па-сяброўску з грамадой акадэмік-геолаг Радзім Гарэцкі. Нітачка Памяці працягнулася да Максіма Гарэцкага, чыім пляменнікам ёсць Радзім. Месяц люты стаў знакавым у лёсе пісьменніка: народжаны 6 лютага 1893 года, 10 лютага 1938 года ён быў расстраляны паводле пастановы НКУС... Толькі Памяць не згасне. Як сонца, што свеціць над намі.

604