Гісторыя ў руінах

Мястэчка Валынцы праславілася ў гісторыі Беларусі Забельскім калегіюмам пры дамініканскім кляштары святога Юрыя. На перыяд 1787 - 1791 гг. выпаў росквіт дзейнасці тэатра пры калегіюме. У 1787 г. у тэатры была пастаўлена першая ў гісторыі (!) беларускамоўная "Камедыя" Каятана Марашэўскага. Разам з камедыяй "Апалон-заканадаўца" Міхала Цяцерскага гэта з'ява стала новым этапам у развіцці беларускай літаратуры (камедыя была адноўлена ў оперным тэатры ў Мінску ў 1990 г.). Адукацыя і мастацтва расцвілі ў Валынцах. У 1811 г. дамініканскую школу перавялі ў статус гімназіі. Узровень адукацыі тут стаў такі высокі, што адміністрацыя калегіюма і мясцовае дваранства хадайнічалі перад царскімі ўладамі аб арганізацыі ў Валынцах акадэміі. Аднак пасля нацыянальна-вызвольнага паўстання 1831 г. быў распачаты курс на русіфікацыю ўсіх бакоў жыцця былой Рэчы Паспалітай. У 1838 г. Забельская гімназія была зачынена. Пра былую веліч мястэчка засталіся толькі жывапісныя сведчанні Напалеона Орды ды старыя Валынецкія могілкі, дзе па шматлікіх помніках можна было чытаць гісторыю цэлага наваколля з яго славутымі імёнамі. Храм вытанчанай архітэктуры Віленскага барока быў канчаткова зруйнаваны ў 1946 годзе. 

585