Загадка аднаго партрэта

Пётр Аляксандравіч Сергіевіч нарадзіўся ў 1900 г. у беднай сялянскай сям’і ў вёсцы Стаўрова  на Браслаўшчыне, на беразе Богінскага возера. Пачатковую адукацыю хлапчук атрымаў у вольнай школе малюнка і жывапісу ў Вільні. Вучыўся на мастацкім факультэце Віленскага ўніверсітэта. Акадэмію прыгожых мастацтваў узначальваў сусветна вядомы прафесар Фердынанд Рушчыц.

У 1924 – 1925 гадах П.Сергіевіч вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Пасля ўніверсітэта малады мастак пачаў шмат працаваць, асабліва ў жанры партрэта і жывапісу на тэмы сялянскага жыцця.

Пётр Аляксандравіч з'яўляўся прыхільнікам і актыўным дзеячам беларускага адраджэння. Сярод яго палотнаў – партрэты Міхала Забэйды-Суміцкага, Францішка Багушэвіча, Максіма Танка, карціны, прысвечаныя Скарыну, Каліноўскаму, полацкаму князю Усяславу, беларускай настаўніцы і нарачанскаму рыбаку, народным абрадам.

Калі малая радзіма мастака стала канчаткова вольнай, ён застаўся ў Вільні, працаваў там у Беларускім музеі, у Інстытуце прыгожых мастацтваў.  На бацькаўшчыну ж прыязджаў часта, з натхненнем пісаў шматлікія яе краявіды, партрэты землякоў, жанравыя сцэны.

Творчасць П. Сергіевіча вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіцыйнага вырашэння, эмацыянальным ладам, цікаўнасцю да самабытнасці беларускай народнай культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю.

Значнае месца ў творчасці Пётры Сергіевіча займала купалаўская тэма. Па матывах творчасці народнага песняра ён напісаў карціны «А хто там ідзе?», «Гусляр», «Званар» і інш. Разам з партрэтамі Я. Купалы і яго жонкі яны ўпрыгожваюць фонды Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Жыццю сялян Заходняй Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна», «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі», «Араты», «Каваль куе каня». Рэвалюцыйным пафасам напоўнена карціна «Насуперак буры». Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца», «Ноч», «Вясновая казка» і інш.

У асобных працах мастака выразна адчуваецца ўплыў творчага стылю Ф.Рушчыца. Дастаткова спыніць позірк на карціне П.Сергіевіча “Шляхам жыцця”, як ва ўспамінах усплыве знаёмая кожнаму са школьных гадоў карціна Ф.Рушчыца “Зямля”.

Працаваў П. Сергіевіч таксама ў станковай і кніжнай графіцы. Ён выканаў размалёўкі ў розных касцёлах Заходняй Беларусі і Ўкраіны.

Яго жывапісныя палотны ёсць у калекцыях розных краін Еўропы, у пасольстве Рэспублікі Беларусь у ЗША. Найбуйнейшая калекцыя работ Пятра Сергіевіча знаходзіцца ў Мастацкім музеі Літвы. Гэта і зразумела. За заслугі ў развіцці выяўленчага мастацтва ўрад Літвы надаў нашаму земляку званне заслужанага дзеяча мастацтва Літоўскай ССР.

Памёр Пётр Аляксандравіч у 1984 годзе і пахаваны на віленскіх вайсковых могілках.

Апошнім часам на Смаргоншчыне былі знойдзены невядомыя раней карціны мастака. Ёсць загадкавая цікавіна і ў нашых фондах. Гэта партрэт невядомага – карціна пэндзля П. Сергіевіча, якая трапіла да нас, магчыма, з музея былой Нураўскай сярэдняй школы. Будзем удзячныя, калі нехта з сяброў дапаможа нам устанавіць дэталі з гісторыі партрэта: якім шляхам карціна апынулася на правым беразе Дзвіны, каму і якім часам падарыў яе мастак, чыё прыгожае, годнае аблічча мы бачым на палатне. (гл. ў наступных публікацыях)

648