Верхнядзвінскі музей адзначыў юбілей

У верасні Верхнядзвінскі краязнаўчы музей адзначыў свой першы юбілей – пяць гадоў з моманту заснавання. У святочны дзень гасцей сабрала выставачная пляцоўка «Музейная скарбонка».

«Узрост», на першы погляд, невялікі, але зрабіць за мінулы час паспелі нямала. Пра тое, як на працягу пяці гадоў стваралася багатая і насычаная падзеямі гісторыя, распавядала фотавыстава «Верхнядзвінскі музей – захавальнік часу», што сустракала наведвальнікаў ля параднага ўваходу. У фотакартках – увесь шлях станаўлення музея, ад будынка былога суда і яго рамонту да сучасных «прычалаў», па якіх з задавальненнем вандруюць і дзеці, і дарослыя.
На падворку чакалі яшчэ некалькі цікавых экспазіцый. У «дзень нараджэння» музея была ўпершыню зладжана выстава работ непрафесійных мастакоў сярэдзіны ХХ ст. «Мастацтва ў фарбах», экскурсію для жадаючых праводзіла захавальнік фондаў Паліна Гродзь. Найбольшую частку экспанатаў склалі працы Надзеі Мядзведзевай, колішняй жыхаркі Бігосава. Да работы мастачка падыйшла творча: карціны напісаны не на традыцыйным палатне, а на звычайнай цыраце – такімі гаспадыні часта засцілаюць абедзенныя сталы. Рамкі і ўпрыгажэнні Надзея Іванаўна зрабіла сама, на адвароце карціны «Поклонение богу Перуну» ад рукі напісаны расказ пра славянскага «грамабоя». «Партизан около костра», «Ребёнок с оленем», «Нежность моря» – у кожнай працы адчуваюцца шчырыя эмоцыі, аўтарская індывідуальнасць і ўласны стыль мастачкі-самавука. Вельмі цікава разглядаць яе аўтапартрэт – так можна завочна «пазнаёміцца» з чалавекам, які пакінуў для нас сваё бачанне свету праз уласныя творы.
Акрамя карцін Надзеі Мядз-ведзевай, выкананых у розных тэхніках, на выставе былі работы па дрэве Тадэвуша Вікенцьевіча Гродзя. Сапраўдным адкрыццём для аматараў жывапісу стаў партрэт аўтарства нашага земляка Пятра Мірановіча (1902 – 1990), былога навучэнца Венскай акадэміі мастацтваў, творы якога выстаўляліся нават у Нью-Ёрку.
Самыя незвычайныя, прыгожыя і яркія працы ўдзельнікаў народнага клуба народных майстроў і мастакоў-аматараў прэзентавала дырэктар раённага Дома рамёстваў Святлана Малахоўская. Выстава спалучала ў сабе сучасную творчасць і аўтэнтычныя рамёствы – усё тое, чаму дзеці і дарослыя могуць навучыцца ў гуртках Дома рамёстваў. Галіна Чарнавок правяла майстар-класы па вырабе тэкстыльных цацак і «игрушек-кофеюшек». А майстрыха Алена Дзямешка гэтым разам паказала сваю асабістую выставу – не творчую, але не менш цікавую.
– Паштовыя маркі дасталіся мне ў спадчыну, – падзялілася Алена Міхайлаўна. – Раней я іх ніколі не калекцыянавала. Зараз зацікавілася, паступова знаёмлюся з філатэліяй.
З нагоды юбілею прад-прымальнік Канстанцін Шульга на адзін дзень даў музею сваю прыватную калекцыю фігур «каслінскага» чыгуннага ліцця перыяду СССР – калі казаць дакладней, другой паловы 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Знакаміты завод у горадзе Каслі Чалябінскай вобласці з 1747 года і да нашых дзён займаецца архітэктурна-мастацкім ліццём.
– Адзін з самых цікавых экспанатаў калекцыі – паменшаная чыгунная копія «Лісінскага мядзведзя», у 1866 годзе адлітага з бронзы вядомым скульптарам Мікалаем Ліберыхам, – расказаў навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Вашкель. – Статуя прысвечана рэальнай падзеі: у 1865 годзе каля вёскі Лісіна паляваў на мядзведзя сам Аляксандр II, і падчас гэтага палявання яму сустрэўся надзвычай вялікі звер. Імператар адолеў мядзведзя і на памяць аб гэтым выпадку замовіў скульптуру. А ў 50-я гады ХХ стагоддзя на Каслінскім заводзе выпусцілі копіі з чыгуну.
Калекцыянер Мікалай Запаснік – даўні сябар музея, які ўжо не першы раз прымае ўдзел у мясцовых мерапрыемствах. Да свята ён падрыхтаваў выставу нагрудных знакаў і беларускіх памятных манет.
– Памятныя манеты ў Беларусі пачалі выпускаць у 1995 годзе, – расказаў Мікалай Мікалаевіч. – Яны карыстаюцца папулярнасцю ў калекцыянераў, у тым ліку за мяжой. Тыражы невялікія, і знайсці некаторыя экземпляры даволі цяжка.
Зусім новым для Верх-нядзвінска, ды і для Беларусі ў цэлым, відам творчасці зай-маецца супрацоўнік музея Юрый Карасёў. Інсталяцыі на гістарычную тэматыку, выкананыя з гіпсу, паперы і прыродных матэрыялаў, нязменна прыцягвалі ўвагу кожнага наведвальніка выставачнай пляцоўкі. Немагчыма паверыць, што старадаўнія манеты пад шклом – гэта дакладныя гіпсавыя копіі, зробленыя ўручную! Кожная з іх адлівалася і афарбоўвалася асобна – праца карпатлівая. На сённяшні дзень нам вядомы дзве мясціны, дзе вырабляюць такія інсталяцыі, – гэта расійскі Майкоп і Верхнядзвінск.
– Задумак шмат. Зараз працую над «скарбам вікінгаў», – падзяліўся сакрэтам Юрый.– Там будуць і меч, і шалом, і розныя ўпрыгажэнні. Ніякага металу, толькі гіпс, стоадсоткавая дэталізацыя.
Інсталяцыі Юрыя Карасёва, карціны мастакоў сярэдзіны ХХ стагоддзя і іншыя не менш цікавыя экспанаты можна ў любы зручны час убачыць у Верхнядзвінскім краязнаўчым музеі. Вылучыце паўгадзіны ў сваім штодзённым графіку, «праплывіце» па прычалах гісторыі – вы не пашкадуеце!

Матэрыял: "Дзвінская Праўда"
Алёна МАРОЗ.
Фота Алёны МАРОЗ і Генадзя КАЗЛОВА.

966