У Верхнядзвінску адбылася прэзентацыя кнігі па краязнаўству

Гэтая кніга напісана з любоўю да роднай зямлі… Яе аўтар, старшы навуковы супрацоўнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея Антон Францавіч Бубала, шчодра дзеліцца з усімі дапытлівымі, неабыякавымі да гісторыі свайго краю і малой радзімы людзьмі карыснай, рэдкай і каштоўнай інфармацыяй. Выданне падобнай кнігі было сапраўднай марай краязнаўца. І дакрануцца да яе змаглі ўсе, хто сабраўся ў Верхнядзвінскай гімназіі на прэзентацыю кнігі “Пуцявінамі роднага краю”.

Антон Францавіч запрасіў гледачоў пагартаць старонкі доўгачаканага выдання, паглядзець на цікавыя фотаздымкі і такім чынам здзейсніць падарожжа па Верхнядзвінскай зямлі. Новае выданне ўслаўляе яе, нагадвае гістарычныя падзеі, помнікі даўніны і мастацтва, прыгажосць і багацце прыроды, багатыя справы нашых землякоў.



– Кожны чалавек у сваім жыцці нечым захапляецца і чымсьці – асабліва, гэтым яму хочацца падзяліцца з усім светам, – адзначыў А. Бубала. – Якія духоўныя багацці тояцца ў родным наваколлі! І мне ўсё жыццё хацелася пра іх расказаць. Кніга пабудавана на замову для факультатыва па краязнаўстве. Акрамя тэкстаў у ёй багата заданняў рознай ступені цяжкасці, шмат уражлівых звестак у застаўках “Цікава ведаць”.

Раздзелы і падраздзелы кнігі гавораць самі за сябе: “Прырода нашага Падзвіння”, “Крокі гісторыі”, “Край, усеяны абеліскамі”, “Людзі творчага фронту” і інш. Цікавыя аповеды аб кожным з іх суправаджаліся відэапаказам. Перад гледачамі паўставалі разваліны старога млына ў Пустэльніках, старажытныя крыжы і камяні на могілках, гара Рагнеды, фотаздымкі вядомых людзей – нашых землякоў, доты, шматлікія помнікі і абеліскі, непаўторнае прыроднае багацце Верхнядзвіншчыны і шмат іншага.

Па словах аўтара, школьныя падручнікі пабуджаюць завучваць, запамінаць матэрыял. Заданні ў гэтай кнізе заклікаюць да ўдумлівага аналізу. Напрыклад, частка, якая датычыцца Вялікай Айчыннай вайны. Трагічнасць гэтай старонкі гісторыі паказана сцісла, але вельмі ўражліва, падмацавана выразнымі фотаздымкамі. Кніга заклікае, каб вайну асэнсавалі глыбей.

Мастак В. І. Счастны, афармляльнік вокладкі кнігі, на якой змешчаны выявы ракі Дрыса з байдаркамі і старажытнымі стругамі, фрагменты з самай старажытнай карты Дрысы, зрабіў аўтару яшчэ адзін мастацкі падарунак – карціну з выявай Росіцкага касцёла.



Цудоўная і па змесце, і па паліграфічным афармленні, гэта кніга стане здабыткам нашай культуры, гонарам бібліятэчных фондаў. Аб тым, як яна стваралася, расказаў кнігавыдавец А. У. Маладзечкін. Супраца з А. Бубалам, адзначыў ён, пачалася не са стварэння гэтай кнігі, а значна раней. Вынікам першай сумеснай працы стаў выпуск фотаальбома “Храмы Верхнядзвіншчыны”. Зносіны з вядомым краязнаўцам падарылі шмат добрых уражанняў і сталі вельмі плённымі. З’яўленне на свет новай кнігі – сапраўдны падарунак для ўсіх, хто любіць родны край.

– Усё на свеце мае сэнс, сама зямля гаворыць з намі, – такімі словамі завяршыў прэзентацыю Антон Францавіч.
І пачуць яе, раскрыць шматлікія таямніцы і непаўторную прыгажосць роднага краю дапамогуць “Пуцявіны роднага краю”.



Фота В. САЛАЎЁВА

Па матэрыялах газеты "Дзвінская праўда"

422