Шукай начніцы-таямніцы!

«Начніцы-таямніцы» - менавіта пад такой назвай прайшла мінулая Ноч музеяў у Верхнядзвінску. Усе жадаючыя маглі пазнаёміцца з экспазіцыяй раённага гісторыка-краязнаўчага музея, здзейсніць падарожжа па славянскай міфалогіі і паслухаць архаічныя спевы у выкананні народнага гурта.

На гэты вечар супрацоўнікі музея і іх памочнікі прымерылі на сябе вобразы старажытных беларусаў. Дзяўчыны ў традыцыйных беларускіх адзеннях праводзілі экскурсіі, прадказвалі лёс і знаёмілі наведвальнікаў з культурай і рэлігіяй нашых продкаў.

На ўваходзе ў музейны панадворак гасцей сустракала дырэктар Маргарыта Бембель з кошыкам, поўным лісткоў паперы. На кожным з іх – арыгінальнае пажаданне ад славянскіх багоў. Для дзяцей быў падрыхтаваны асобны куток з цікавай назвай «Намалюй міфічную істоту». Там маленькіх гасцей чакалі алоўкі, размалёўкі і чыстая папера – усё, каб яны не сумавалі, пакуль іх бацькі будуць знаёміцца з шырокай праграмай Ночы музеяў. А паглядзець і паслухаць было што!

Пачаліся «Начніцы-таямніцы» з прэзентацыі «Артэфакты мінулага». Захавальнік фондаў музея Яна Аўзіна расказала прысутным пра культуру крывічоў, іх традыцыйныя касцюмы і ўпрыгожванні. У цэнтры ўвагі – унікальны жаночы пахавальны набор другой паловы X – пачатку XI стагоддзяў, знойдзены на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна. Як гэты набор павінен быў выглядаць на жанчыне, наведвальнікі маглі пабачыць дзякуючы карціне Валерыя Счаснага. Па словах супрацоўніка музея Юрыя Карасёва, у будучым плануецца «апрануць» ва ўнікальныя ўпрыгожванні манекен – для нагляднасці.

Пасля экскурсу ў гісторыю старажытных артэфактаў жадаючым было прапанавана агледзець выставы і наведаць інтэрактыўныя пляцоўкі. «Варажбітка» Алена Роліч – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Каханавіцкай ДС-СШ – прадказвала лёс па рукавіцах, брусочках і каменьчыках. Супрацоўніца музея Елізавета Вайніловіч запрашала на выставу «Падарожжа па славянскай міфалогіі», дзе былі прадстаўлены багі, духі і іншыя істоты, у якіх верылі нашы далёкія продкі. Раённы Дом рамёстваў прапанаваў пагледзець, памацаць і нават набыць традыцыйныя беларускія цацкі. Елена Міхайлаўна Дзямешка расказвала пра гісторыю і прызначэнне кожнай лялькі.

Кульмінацыяй праграмы стала выступленне народнага гурта архаічных спеваў «Княжыч» - гасцей з горада Наваполацка. Назва калектыву азначае падзвінскае найменне маладога растучага месяца. «Княжыч» займаецца зборам, адраджэннем, папулярызацыяй народных спеваў, вывучэннем аўтэнтычнага фальклору Беларускага Падзвіння, арганізуе і праводзіць народныя святы і абрады. Не абдзелены ўвагай беларускія народныя танцы і рамёствы, аднак асноўны напрамак дзейнасці калектыву – песні. Спевы, што дайшлі да нас праз пакаленні – вялікі скарб, які трэба зберагчы. Гэтым і займаецца «Княжыч».

Дзяўчыны-ўдзельніцы расказалі, якія спевы сустракаюцца ў культуры беларусаў і выканалі некалькі з іх. Першая – ваярская, або рэкрутская – поўная смутку і горычы па маладых хлопцах, якія павінны былі ісці ў салдаты на доўгія 25 гадоў. Другая была прысвечана вялікаму святу, якое адзначалася ў дзень летняга сонцастаяння – Купаллю. Усяго «Княжычу» удалося сабраць больш за 30 розных купальскіх спеваў.

Акрамя гэтага, у Ноч музеяў прагучалі беларускія народныя песні: загукальная, з дапамогай якой дзяўчыны гукалі вясну, вясельная і пазаабрадавая, якая была прысвечана ўжо не пэўнаму святу або падзеі, а пачуццям чалавека як асобы, яго душэўнаму стану.

Усе прысутныя маглі паўдзельнічаць у традыцыйных беларускіх гульнях, а таксама навучыцца беларускім народным танцам. Як дарослыя, так і дзеці з ахвотай станавіліся ў круг, браліся за рукі і разам весяліліся, гулялі ў «масток», «гарлачык» або «козліка». А якое задавальненне ўсе атрымалі ад майстар-класа па танцах!

Апошнім акордам Ночы музеяў стаў старажытны славянскі абрад. На сімвал Алатыра, усталяваны каля вялікага каменя, усе прысутныя маглі павязаць каляровую стужку і загадаць жаданне. І ніхто не сумняваўся: у такі чароўны час яно абавязкова здзейсніцца!

Аўтар: Алёна Мароз, "Дзвінская праўда"

411