З любоўю да роднага краю

Паляпшэнне якасці і працягласці жыцця сваіх падапечных - праграмная задача для кіраўніцтва аддзялення дзённага перабывання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў; яе выкананне выяўляецца ў самых розных формах арганізацыі жыцця калектыву.  На мінулым тыдні была здзейснена аўтобусная экскурсія на Асвейшчыну. Яе ўдзельнікі - а ў складзе групы было пад тры дзясяткі чалавек - пабылі на адметным пункце нашага раёна - Генўскай гары, адкуль бачны ўзгоркі Расіі і Латвіі, азёрныя ды лясныя далягляды роднай Беларусі. На схіле гары падыйшлі да ахутанай паданнямі крыніцы, дзе раптам зверху загрукатаў гром і лінуў лівень. Тымчасам экскурсанты набралі "святой" вады, а бывалая турыстка-русалка нават выкупалася ў сцюдзенай купелі. Дажджом сустрэла нас і Сенькава, але сустрэча ў клубе была цёплай. Вядомая спеўніца і майстрыха Любоў Іванаўна Марынская пазнаёміла з цікавым этнаграфічным музейчыкам, аздобіла сустрэчу народнай песняй. Навальнічная хмара гуляла і над Асвейскім возерам, сыпаў дожджык, што не перашкодзіла аднак самым рамантычным асобам сфатаграфавацца на пляжным беражку на памяць аб паўночным "моры" Беларусі. Дожджык не перашкодзіў палюбавацца велічнымі руінамі ды шатамі дрэў Асвейскага парка. Сонца выбліснула толькі тады, калі моладзь і некаторыя бабулі ў капялюшах сядалі вярхом на паслухмяных рысакоў конна-спартовай школы. Апоўдні прыехалі дадому, дзе сасмяглы ад сухавею Верхнядзвінск безнадзейна чакаў хоць якога дожджыку. Цяпер у планах калектыву - Чырвоны Бор! Ад мяне ж - шчырая падзяка Таццяне Анатолеўне, Ладзе Юр'еўне і ўсім іх падапечным за ўзорную арганізацыю паездкі, бездакорныя паводзіны экскурсантаў, іх жывую зацікаўленасць у вывучэнні прыроды і гісторыі роднага краю.

З павагай А.Бубала, старшы навуковы супрацоўнік музея  

812