Крочым па роднай зямлі

   "То берёзка, то рябина..." - класічныя турысцкія паходы шкаляроў адышлі, мусіць, у нябыт. Ва ўсякім разе, яны сталі рэдкай з'явай. Тым больш павагі групе асвейскіх навучэнцаў, якія на чале з настаўніцай Таццянай Федуковіч вырашылі пазнаёміцца з наваколлем раённай сталіцы. А яно ў нас не толькі маляўнічае, але і поўнае прыродных і гістарычных адметнасцей высокага класа. Наддзвінская сцяжына да Юсціянава вядзе праз гарадскі пляж і шыракалісцёвыя "джунглі" берагавога крутагор'я, выводзіць да буйнатраўнай паляны і ўнушальнай аграмадзіны дота, здзіўляе прывольнымі краявідамі з вышыні прыгажуна-моста, кліча да сябе ўтульнасцю альтанак, прапаноўвае збегаць у суседні раён, каб папоўніць запасы правіянту ва ўзмёнскай краме, адзначыць на пошце штэмпелем факт праходжання маршрута ў падарожным дакуменце. З прыродных цікавостак турыстаў чакаюць дуб-волат і экзоты дэндрара, з гістарычных- мясціны сядзібы Грабніцкіх, якія маляваў Напалеон Орда, помнік на радзіме першага Героя Верхнядзвіншчыны Івана Кабзуна, яшчэ доты і іншыя адмеціны мінулых часоў. Асвейская група вызначалася дысцыплінаванасцю, сяброўскім стылем узаемаадносін, непадробнай цікаўнасцю да ўбачанага і маладой энергіяй. 

 

852