Наш адрас – родны кут

З ініцыятывы аддзела ідэалогіі райвыканкама на моладзевым злёце ў Лісне быў праведзены конкурс, мэтай якога ставілася выявіць  “краязнаўчы IQ” ўдзельнікаў. Камандам былі прапанаваны дзве віктарыны – прыродазнаўчага і гістарычнага зместу. Пляцоўкай для дэманстрацыі ведаў стаў родны раён. Тэсты былі складзены старшым навуковым супрацоўнікам  музея А.Бубалам.

З улікам мінулых гадоў стопрацэнтова правільных адказаў не чакалася. Але, нажаль, вынікі сталіся яшчэ горшымі. Мяркуйце самі. Ніводная з 10 каманд не назвала каардынаты Верхнядзвіншчыны на геаграфічных картах свету. А гэта ж – абавязковы ўзровень ведаў пяцікласніка! Пра адметнасць нашага раёна расказвае фотаальбом “Залатая паралель Беларусі”, тая паралель блішчыць у сонечных промнях на мадэлі вялікага глобуса на цэнтральнай плошчы горада. І ўрэшце, гэта галоўны паказчык для касмічнага прышэльца, які схоча прызямліцца ў Верхнядзвінску. Як на смех адна каманда сваім адказам нават сцвердзіла невядомае дагэтуль навуковаму свету  паняцце: “заходняя шырата”.

Бездапаможнымі апынуліся ўдзельнікі і ў  спробе назваць найбольшую і найменшую вышыню нашых мясцін над узроўнем мора. Толькі дзве каманды – ветэранаў і райгаза –  назвалі рэчку, з якой вада не трапляе ў Дзвіну. Затое вытокам нашай галоўнай ракі пэўныя знатакі (не стану іх сарамаціць публічна) назвалі … “Алтайскае ўзвышша”, а іншая каманда паправіла іх: “Байкальскае ўзвышша”. Між тым, на адкрыцці злёта ўсе апладысментамі сустрэлі паведамленне, што сёлета спаўняецца 33 гады нашаму 16-дзённаму байдарачнаму паходу ад вытоку Дзвіны-матухны да роднага Верхнядзвінска. І ніхто не падыйшоў пасля з пытаннямі: як тая азярына выглядае, як да яе заехаць з байдаркай?  Відаць, нецікава…

Здзівілі і яшчэ прасцейшыя рэчы. Некаторыя каманды здолелі назваць толькі 3 – 4 рэчкі Верхнядзвіншчыны, толькі два возеры. Найвышэйшымі паказчыкамі сталі 9 рэк і 10 азёр з чатырох дзясяткаў  пажаданых адказаў.

Мо, веды з гісторыі ў моладзі больш грунтоўныя? Не сказаць, што так. Толькі дзве каманды здолелі назваць год першага летапіснага ўпамінання пра Дрысу, столькі ж назвалі дату вызвалення  нашага горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (!). Але ж і тая, і другая даты будуць шырока святкавацца ўжо праз тры тыдні! ”Не пашанцавала” нашым землякам-пісьменнікам і навукоўцам, чыю спадчыну не здолелі назваць іх маладыя землякі. Ніводная каманда не назвала вядомую ў гісторыі “рэвалюцыйную” воласць. І што зусім прыкра, моладзь дрэнна ведае месцы нараджэння землякоў – Герояў Савецкага Саюза; толькі дзве каманды далі па 5 правільных адказаў з 8 магчымых.

Прыз пераможцаў выйграла каманда “Паўзуны” народнага клуба ветэранаў. І не дзіва, бо кніга “Памяць” і “Пуцявінамі роднага краю”, у якой ёсць адказы на ўсе пытанні, для прадстаўнікоў старэйшага пакалення з’яўляюцца настольнымі.

Сярод моладзевых каманд лепшыя вынікі паказалі каманды гаспадарак “Дрысенскі” і “Лявонішана”.

Выснова напрошваецца сама. Моладзь слаба ведае адметнасці сваёй малой радзімы, а гэтыя веды – падмурак патрыятызму. Краязнаўчыя конкурсы варта ўключаць у праграмы злётаў заліковымі відамі, надаючы ім ільготны каэфіцыент. Наш адрас – Верхнядзвіншчына, Прыдзвінне, залатая паралель Беларусі – ці ж не так?

А.Бубала

376